БЕЛАРУ́СКІ РЭСПУБЛІКА́НСКІ САЮ́З МО́ЛАДЗІ (БРСМ),
добраахвотнае грамадскае маладзёжнае аб’яднанне. Створаны 6.9.2002 на аб’яднаўчым з’ездзе Бел. патрыят. саюза моладзі і Бел. саюза моладзі. Дзейнічае на аснове статута. Вышэйшы орган — з’езд, які праводзіцца не радзей як 1 раз у 3 гады. Асн. мэты — стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу, садзеянне развіццю ў Рэспубліцы Беларусь грамадз. супольнасці, заснаванай на патрыят. і духоўна-маральных каштоўнасцях бел. народа; садзейнічае распрацоўцы юрыд. і сац.-эканам. гарантый моладзі, што ўраўноўваюць яе магчымасці з інш. сац. групамі; падтрымлівае ініцыятывы, скіраваныя на інтэлектуальнае, духоўнае, фіз. развіццё моладзі, стварэнне ўмоў для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці; удзельнічае ў распрацоўцы маладзёжных праграм і інш. Аб’ядноўвае юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 14—31 гадоў. На 1.1.2003 дзейнічалі ЦК, Бюро і Сакратарыят, 7 абкомаў, у т. л. Мінскі гар., 128 райкомаў, у т. л. 9 у Мінску, 23 гаркомы, 10 райкомаў у буйных гарадах, 12 пярвічных арг-цый з правамі райкомаў, якія аб’ядноўвалі каля 54 тыс. чл. БРСМ.
т. 18, кн. 1, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)